Вывучэнне вуснай народнай творчасці

Сусветная літаратура на першапачатковым этапе свайго развіцця абапіралася на вусную народную творчасць – унікальную сферу духоўнага жыцця кожнага народа. Беларуская літаратура надзвычай цесна спалучана з традыцыямі фальклору, які даволі доўга выконваў прыкметную ролю ў станаўленні і развіцці нацыянальнага мастацтва слова, меў выключнае пазнавальнае і выхаваўчае значэнне ў жыцці грамадства, асабліва тады, калі яшчэ не склалася традыцыя пісьмовай літаратуры, а пазней адсутнічала магчымасць яе развіцця.

Школьнай праграмай прадугледжана ўсебаковае і грунтоўнае вывучэнне вуснай народнай творчасці, якая паўстае перад вучнямі ў тэматычнай і жанравай разнастайнасці. У фальклорных творах выявіліся жыццёвыя погляды беларускага народа, яго духоўныя, маральна-этычныя каштоўнасці, раскрыўся педагагічны талент. Пісьменнікі выкарыстоўвалі выхаваўчы патэнцыял народнай спадчыны, таму што менавіта яна закладвае адметнасць нацыянальнага светаўспрымання. Фальклор — літаральна перакладаецца як народная мудрасць – крыніца высакародных думак, прыгожых уяўленняў, увасабленне “мудрасці і святла, шчодрасці і дабрыні”[1, с. 5]. Аўтары, якія пішуць для дзяцей і школьнікаў, абапіраюцца на асновы народнай педагогікі, звяртаюцца да творчага і выхаваўчага вопыту папярэдніх пакаленняў. Улічваючы, што вусная народная творчасць фактычна з’яўлялася першым этапам развіцця беларускай дзіцячай літаратуры, пісьменнікі заўсёды арыентаваліся на гуманістычныя прынцыпы народнага выхавання, імкнуліся сваімі творамі абуджаць ў дзяцей лепшыя чалавечыя пачуцці — дабрыню, сумленнасць, чуласць, спагадлівасць, любоў.

Мэтанакіраванае і актыўнае далучэнне вучняў да беларускага фальклору пачынаецца яшчэ ў пачатковай школе, далейшае спасціжэнне яго працягваецца ў пятым класе, калі адбываецца пераход ад літаратурнага чытання да літаратурнага навучання. Дзеці знаёмяцца з народнымі казкамі, легендамі, загадкамі, прыказкамі, прыкметамі і павер’ямі. Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб раскрыць мастацкія асаблівасці твораў гэтых жанраў. Наступнае вывучэнне літаратурных казак і легендаў пераканае вучняў у тым, што фальклор зрабіў значны ўплыў на творчасць пісьменнікаў: і класікаў, і нашых сучаснікаў.

Казкі з малалецтва ўваходзяць у свет дзіцяці, развіваюць свядомасць і ўяўленне, закладваюць надзвычай важныя ментальныя паняцці, рысы нацыянальнага характару. “Яны вучаць // Родную мову любіць, <…> З няпраўдай змагацца, // А з праўдай дружыць // І аб недасяжным // І сонечным марыць” [2, с. 230]. Сустрэчы з казачнымі творамі робяцца самымі жаданымі і чаканымі. І невыпадкова: казкі сугучны цікавасці дзяцей да незвычайнага, фантастычнага і гераічнага. Юныя чытачы знаёмяцца з казкамі пра жывёл, чарадзейнымі і сацыяльна-бытавымі, іх захпляюць неверагодныя падзеі, вандраванні і пошукі чагосьці дзівоснага, таямнічага, а таксама напружаныя сітуацыі, вострыя канфлікты, калі адбываецца сутыкненне паміж персанажамі, казачны герой пры гэтым валодае надзвычайнымі ўласцівасцямі і пераадольвае на сваім шляху перашкоды, розныя выпрабаванні. Дзеці тонка адрозніваюць добрае і жорсткае, прыгожае і агіднае, станоўчае і адмоўнае, чуйна рэагуюць на падзеі і з’явы, учынкі персанажаў.

Паказаныя абставіны, узаемаадносіны герояў, іх паводзіны становяцца асновай для пазнавальнай дзейнасці вучняў. Вельмі важна выклікаць непасрэднае эмацыянальнае ўспрыманне прачытанага, актывізаваць дзіцячую думку па асэнсаванні ідэйна-маральнага зместу твораў. Настаўнік павінен задаваць зразумелыя і даступныя для школьнікаў гэтага ўзросту пытанні, скіроўваць да аналітычнай працы па асэнсаванні зместу твора. Так, пяцікласнікі знаёмяцца з рознымі відамі беларускіх казак, а таксама з рускай казкай пра жывёл, што дасць магчымасць параўнаць творы розных народаў. У выніку разгляду казкі “Разумная дачка” вучні без асаблівых цяжкасцей зробяць выснову, што дачка бедняка кемлівая, дасціпная, валодае спрытам і розумам, такім чынам сцвярджаецца магчымасць выйсці нават з самай складанай сітуацыі. Казка “Залаты птах” сцвярджае такія каштоўнасці, як смеласць, дабрыня і спагада, паказвае, што значыць для чалавека ў складаную хвіліну адданае, вернае сяброўства. Вучні, разважаючы над падзеямі, суадносяць вонкавыя праявы і іх сутнасць. Пры стварэнні даверлівага настрою ў класе дзеці ўключацца ў гутарку, выкажуць свае адносіны да герояў, растлумачаць іх паводзіны і ўчынкі. Казка “Музыкі” дае магчымасць паразважаць над праблемай удзячнасці, важнасці сяброўства, неабходнасці змагацца ў складанай сітуацыі, сіле грамады.

Увесці школьнікаў у казачны свет дапамогуць такія прыёмы, як ілюстраванне ці інсцэніраванне. Так, з вучнямі можна наладзіць выставу малюнкаў і розных вырабаў з дрэва, кардону, гліны, саломкі і інш., падрыхтаваць для інсцэніроўкі эпізод з твора (для гэтага ствараецца невялікая “тэатральная трупа”). Эфектыўным будзе і наступныя прыёмы гульні. Можна прапанаваць адгадаць выказванне персанажа або стварыць гульнёвую атмасферу пры дапамозе слоў “Хто першы адшукае…, хто хутчэй знойдзе…” і да т. п.

загрузка...

Настаўнік павінен мець на ўвазе, што казачныя сюжэты праз іх займальнасць найбольш прыдатныя для чытацкага ўспрымання дзяцей, яны даволі лёгка запамінаюцца і пераказваюцца, надзвычай глыбока развіваюць фантазію. Таму асаблівае значэнне на ўроках надаецца развіццю звязнага маўлення вучняў, іх камунікатыўных здольнасцей. Гэтаму спрыяюць мастацкае расказванне казкі, чытанне дыялогаў па ролях. Каб вучні змаглі па-мастацку расказаць казачны твор, перш за ўсё неабходна пераканацца, што яны добра запомнілі сюжэт казкі, усвядомілі сувязь паміж рознымі часткамі (эпізодамі). Настаўнік сам дае прыклад чытання, пераказу тэксту, выбірае адпаведную інтанацыю, улічваючы жанравую спецыфіку твора. Сацыяльна-бытавая казка “Разумная дачка” вымагае разважлівага тону, эмацыянальна афарбаванага чытання, пераключэння інтанацыі пры ўзнаўленні дыялогу. Асобныя словы і характэрныя выразы выдзяляюцца голасам, асаблівае значэнне набываюць міміка і жэсты. “Залаты птах” — чарадзейная казка, таму яе неабходна апавядаць няспешна, павольна, захоўваючы казачныя звароты, з эмацыянальнай выразнасцю маўлення, падкрэсліваючы таямнічасць інтрыгі, якая дапамагае адчуць, што ў садзе здарыцца штосьці незвычайнае. “Музыкі” – казка пра жывёл, у якой падзеі пачынаюцца трагічна, а заканчваюцца добра, менавіта таму неабходна вылучыць кульмінацыйны момант ў лёсе герояў. Варта памятаць, што манера расказвання настаўнікам пераймаецца вучнямі, і таму важна імкнуцца абудзіць у іх моўнае чуццё, прадэманстраваць мастацкія магчымасці беларускага слова. Пры расказванні дзецьмі той ці іншай казкі можна даць творчыя заданні, магчымасць імправізавання. Каб вучні захоўвалі паслядоўнасць, лагічную сувязь думкі, ім можна прапанаваць план вуснага пераказу. Больш эфектыўнай працай па ўсведамленні развіцця сюжэтнага дзеяння ўяўляецца складанне гэтага плана разам з вучнямі. Неабходна звярнуць увагу вучняў на мову казак, скарыстаць пры гэтым прыём стылістычнай гульні. Так, разам з вучнямі можна скласці слоўнік казкі, у які ўвойдуць словы, якія патрабуюць тлумачэння (“Залаты птах” – запечак, лучынка, драбіны, жмут і інш.). Настаўнік адзначыць, што пэўныя выразы надаюць адметнасць казцы як жанру, значэнне і гучанне асобных слоў дапамагае ўявіць абставіны, у якіх дзейнічае герой, пры апісанні апошніх часта выкарыстоўваюцца сталыя эпітэты, можна таксама паразважаць, чаму менавіта такія словы выкарыстоўваюцца пры характарыстыцы.

Паколькі дзецям імпануюць казкі і яны чытаюць іх з вялікай ахвотай, то настаўніку неабходна прапанаваць самастойна прачытаць іншыя творы гэтага жанру. Можна парэкамендаваць для пазакласнага чытання зборнікі беларускіх народных казак, аналізуючы якія можна ўзнавіць раней атрыманыя веды.

Разгляд легендаў падобны да методыкі вывучэння казак. Ён прадугледжвае сціслае азнаямленне са спецыфікай легенды як жанру вуснай народнай творчасці. Настаўнік пачне ўрок з уступнай гутаркі, адзначыць, што ў аснове народных легендаў — расказ пра нейкую незвычайную падзею або геройскі ўчынак чалавека. Належны настрой можна стварыць наступным чынам: выразна прачытаць першыя тры абзацы легенды “Нарач”, затым прапанаваць пяцікласнікам паслухаць некалькі варыянтаў мелодый, вырашыць, якая з іх найбольш адпавядае прачытанаму тэксту. Літаратурнаму прачытанню легенды “Нарач” дапаможа складанне плана, асэнсаванне еднасці чалавека і прыроды, душэўнай чысціні і вернасці гераіні. Пры наяўнасці часу будзе мець поспех правядзенне конкурсу на лепшы падрабязны пераказ гэтага твора. Вывучаючы легенду, можна скарыстаць і такія прыёмы, як вуснае маляванне, падрыхтоўка і аналіз ілюстрацый, назіранне над мовай і інш. Настаўнік адзначыць, што і пісьменнікі ствараюць літаратурныя творы гэтага жанру, пры гэтым яны звяртаюцца да народных сюжэтаў. Пазней пры вывучэнні паэтычнай легенды Максіма Танка “Ля вогнішч начлежных” (урывак з паэмы “Нарач”) варта ўзнавіць звесткі пра легенду. Дома дзеці могуць прачытаць легенду “Пестунь”, адказаць на пытанні, скласці план твора, а пры праверцы дамашняга задання можна параўнаць дзве легенды. Пашырыць уяўленне пра народныя легенды, іх тэматыку дапаможа ўрок пазакласнага чытання па кнізе “Бяздоннае багацце” (1990) ці пазакласнае мерапрыемства з выкарыстаннем краязнаўчага матэрыялу “Легенды шмат пра што нам гавораць”.

У сістэме ідэйна-эстэтычных сродкаў выхавання дзяцей загадцы належыць выключная роля. Загадкі развіваюць вобразнае ўяўленне, назіральнасць, дапытлівасць, кемлівасць — усё тое, што пераўтварае і ўзбагачае асобу чалавека. В. Вітка раскрывае пазнавальную і выхаваўчую каштоўнасць твораў гэтага жанру: “У вялікім вопыце народнай педагогікі загадка была і ёсць найпершым падручнікам выхавання чуйнага слыху да слова, да ўсіх яго сэнсавых, вобразных, эмацыянальных і гукавых багаццяў. І гэты нічым не заменны падручнік з пакалення ў пакаленне складаюць, выпрабоўваюць і ўдасканальваюць самыя мудрыя народныя педагогі” [3, с. 104]. Ніл Гілевіч у артыкуле “Паэтыка беларускіх загадак” пісаў пра іх значэнне ў фарміраванні мыслення дзяцей. Народныя загадкі скіраваны на актывізацыю і развіццё разумова-пазнавальных здольнасцей, яны развіваюць дзіцячае ўяўленне, адчуванне слова. Настаўнік у займальнай форме можа пазнаёміць вучняў з тэматычным багаццем твораў гэтага жанру (з’явы прыроды, жывёлы, расліны, рэчы, чалавек, хата, праца, тэхніка), разам з дзецьмі вылучыць асноўныя групы загадак, звярнуць увагу на моўныя сродкі, якімі ствараецца вобразна-іншасказальнае апісанне розных з’яў, прадметаў, паняццяў. Прапаноўваючы загадкі, настаўнік тым самым стварае эфект таямнічасці, напружанай інтрыгі, здзіўлення і нечаканасці, запрашае дзяцей да займальнай эмацыянальна-інтэлектуальнай дзейнасці, якая выводзіць іх за межы звыклага, будзённага ў свет незвычайнай вобразнасці і фантазіі. Расліны, прадметы, прыродныя з’явы — усё гэта можна з пазнаць і — адгадаць, калі быць уважлівым, назіральным, удумлівым. Загадкі вучаць у звычайным бачыць незвычайнае, дзівоснае, прыгожае. Вобразныя алегорыі, параўнанні, метафары, не заўсёды адразу паддаюцца расчытванню, часам, спатрэбіцца падказка ці сціслы каментар настаўніка. Ён патлумачыць прыёмы пабудовы загадак: параўнанне, супрацьпастаўленне, поўнае адмаўленне, выкарыстанне пэўнага імя, загадкі-пытанні, загадкі-задачы. Загадкі — гэта своеасаблівы разумовы трэнінг для дзяцей. Каб зразумець іншасказанне, даць адказ на пытанне, адкрыць загадку-таямніцу, вучням неабходна падумаць, разважыць, правесці пэўныя паралелі, зрабіць супастаўленні і зразумець вобразна-асацыятыўны сэнс таго ці іншага паняцця. Правесці нейкую частку ўрока пажадана ў форме гульні, тады ён атрымаецца больш займальным, цікавым і запамінальным. У якасці дамашняга задання можна прапанаваць вучням адгадаць, знайсці некалькі загадак, падрыхтаваць адказы ў малюнках.

На ўроках літаратуры ў V класе школьнікі знаёмяцца з прыказкамі, народнымі прыкметамі і павер’ямі. Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб выклікаць цікавасць у вучняў да гэтых відаў народнай творчасці, на канкрэтных прыкладах паказаць іх мастацкую своеасаблівасць. Прыказкі раскрываюць мудрасць народа, падыходзяць да розных сітуацый, іх мова вобразная і афарыстычная, словы трапныя і дакладныя. Знаёмства з прыказкамі спрыяе ўзбагачэнню лексічнага запасу вучняў, пашырае іх кругагляд. Так, настаўнік можа прапанаваць некалькі варыянтаў картак з прыказкамі, у якіх прапушчана пэўнае слова, якое неабходна ўставіць і абгрунтаваць выбар. У якасці замацавання можна прапанаваць творчае заданне: скласці з прыказкамі вуснае выказванне ці невялікі пісьмовы тэкст на вольную тэму. Вучань выбірае адпаведную сітуацыю ці шукае пэўны кантэкст, у якім будзе выкарыстана прыказка.

Спасціжэнню вучнямі навакольнага свету дапамогуць прыкметы і павер’і, знаёмства з якімі можна пачаць з шэрагу прыкладаў , затым прапанаваць паразважыць над пытаннем: “Мяркуючы па народных прыкметах і павер’ях, што мы можам сказаць пра нашых продкаў, пра тое, як яны ставіліся да прыроды?” Вучні адзначаць блізкасць нашых продкаў да прыроды, іх назіральнасць, мудрасць. На шматлікіх прыкладах дзеці пераканаюцца, наколькі тонкае зрокавае і слыхавое ўспрыманне меў чалавек, які жыў у гармоніі з навакольным светам. Настаўнік раскрые значэнне прыкмет і павер’яў у народным жыцці, акцэнтуе ўвагу на іх асноўных функцыях (дарадчай, перасцерагальнай і забароннай), адрозненнях. У якасці замацавання матэрыялу можна правесці гульню: трэба размежаваць прыкметы і павер’і. Каб школьнікі шырэй убачылі тэматычнае багацце твораў гэтага віду ў фальклорнай спадчыне, пажадана іх пазнаёміць з кнігай “Дзень за днём” (1997).

Працяг знаёмства з вуснай народнай творчасцю адбываецца ў VI класе. Пра вывучэнні твора Яна Баршчэўскага “Вужыная карона” неабходна растлумачыць, што пісьменнік звярнуўся да асэнсавання фальклорных сюжэтаў дзеля далучэння да сваёй спадчыны, выказванння любові да Радзімы. Асэнсоўваючы народную легенду “Палешукі і палевікі”, варта аднавіць веды пра легенды, паразважыць, што такім чынам тлумачыў народ. Вывучаючы народныя песні, трэба звярнуць увагу як на сферу іх бытавання, так і на мастацкія сродкі, якія выкарыстоўваліся ў іх, паказаць, што літаратурная паэзія абапіралася на народны падмурак. У VI класе паглыбляюцца веды пра фальклор, паказваецца сувязь паміж народнымі і аўтарскімі творамі.

У VIІІ класе да народных песень звяртаюцца перад вывучэннем лірачных жанраў, адбываецца паглыбленне ведаў: разглядаюцца віды народных песень, іх паэтыка.

У ІХ класе фальклор разглядаецца ў яго суаднесенасці з міфалогіяй і літаратурай. Пры разглядзе легенды “Дамавікова ўдзячнасць” звяртаецца ўвага як на ідэйную значнасць, так і на мастацкія сродкі, аднаўляюцца веды, атрыманыя ў папярэдніх класах.

У Х-ХІ класах да вуснай народнай творчасці звяртаюцца як да крыніцы вобразаў, пры тлумачэнні напрамкаў літаратуры праводзяць паралелі паміж народнымі і літаратурнымі творамі, вобразамі.





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

33 + = 42